1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

Толькі голас яшчэ маліў недзе з такім жарам і безнадзейнасцю, што, здавалася, памеркне святло. Але гэта была ўжо невядомая мова:– Марыя! Марыя! Тамуз! Панмегас тэфнеке!Касачэўскі ўзяўся за вёслы і пачаў падграбаць да таго месца, дзе, ён бачыў, нешта ўпала ў ваду. Ён падплыў бліжэй і раптам убачыў пузатую, дзіўнай формы бутэльку, што плыла, пабліскваючы мокрым шклом.Ён працягнуў да яе руку, спадзеючыся, што яна растане ў паветры. Але бутэлька лягла ў яго руку зусім адчувальным цяжарам. Ён паклаў яе ў човен і некаторы час сядзеў з закрытымі вачыма. Пасля расплюшчыў іх – бутэлька была на месцы, і ў ёй жаўцеў скрутачак паперы. Сэрца тахкала. Лявон акунуў галаву ў ваду. Парныя кроплі падалі яму за каўнер. Пасля пачаў машынальна выграбаць да берага.Толькі калі сталі бачны дзюны на беразе і туман пачаў звівацца і знікаць, Касачэўскі ўзяў бутэльку і абчысціў яе рыльца. Шматок жоўтай паперы ўпаў яму на далонь. Востры гатычны шрыфт, які з цяжкасцю разбіраеш.“ Anno 1657. Божа, злітуйся над душамі маракоў. Я, Хрысціян Рабе, марак з праклятага карабля, невядома колькі год блукаю тут. Нашто я не слухaўся бацькоў, нашто я ўцёк у любімае, страшнае мора? Мяне чакаюць дома. Дні цякуць над намі, як хвіліны, годы – як дні. Я не ведаю, ці жывыя яны, усе, каго я любіў. Калі хто вылавіць гэтае маё апошняе прывітанне, хай занясе яго ў горад на вуліцу Літасцівых Юзафітаў у дом ля самай Старой Вежы на другі паверх. Даруй мне, сівая маці. Даруй мне, Марыя. Ты дарэмна гадавала свой вясельны мірт. Мы будзем імчацца, пакуль нас не праглыне мора, бо “Лятучы Галандзец” – імя нашага карабля”.Лявон выйшаў на бераг у поўным неўразуменні. Што гэта можа быць? Міраж! Але вось у руках бутэлька. Жарт! Але хто можа цяпер разыгрываць такія дарагія жарты? Адкуль гэты стары, хуткі, як песня, карабель? Не, гэта немагчыма. Застаецца адно: можа, я пачынаю вар’яцець і ўсё гэта напісаў сам, у трансе? Таксама неверагодна. Божа мой, што ж гэта такое робіцца?Але ён ведае адно. Гісторыя гэтая цалкам незразумелая, дзіўная, небывалая ніколі на зямлі. Калі ён сапраўды не хоча звар’яцець, ён павінен пайсці пa гэтаму старажытнаму адрасу, паглядзець, ці не захаваўся той дом. Яму, нарэшце, проста цікава.Але што гэта, што гэта такое, што?

ІІІЁн пакутліва думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ехаў цалкам сучасным аўтобусам да горада. Не пераставаў думаць і тады, калі ў старым горадзе сапраўды адшукаў вуліцу Літасцівых Юзафітаў.Гэта быў старажытны заімшэлы горад, пабудаваны, вядома, яшчэ ў часы нямецкага панавання. Круглыя і квадратныя вежы, муры, вулачкі такія блытаныя, што можна было, пакруціўшыся па іх, самога сябе пабачыць у спіну. Аўтамабілі тут не з’яўляліся, бо нават два чалавекі ледзь маглі тут размінуцца.“Чорт пабяры, а раптам і праўда?” – варухнулася ў галаве Касачэўскага неспадзяваная думка.Адагнаўшы яе, ён блытаў вулкай Юзафітаў яшчэ з паўгадзіны, пакуль не натрапіў на Старую Вежу, або Вежу Германа, як яе называлі.Сапраўды, вуліца тут канчалася, і да самай вежы прыляпіўся домік, ад якога так і веяла старасветчынай. Маленькі, шэры другі паверх выступае над першым, дах стромы. І спічастая вежа прыляпілася на ім – проста хоць малюй.Напэўна, выгляд у Касачэўскага быў такі дзіўны, што нейкі малады чалавек у стракатым гальштуку паглядзеў на яго і ўсміхнуўся на поўны рот. Але Лявону было не да яго. Ён хутка перасек вуліцу і, нырнуўшы ў дзверы, пачаў павольна лезці кудысь па вінтавых сходах. Было цёмна. Пахла цвіллю.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14