1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

Вось і другі паверх, а на ім адзіныя, абабітыя самай празаічнай цыратаю дзверы. Званка няма. “Добра хоць гэта”, – падумаў Касачэўскі.Ён стукнуў у дзверы раз, пасля другі – ніхто не адказвае. Злёгку штурхануў іх – падаліся. Уціснуўся ў цёмную прыхожую і адразу пабачыў прамень дзённага святла, што падаў з прачыненых дзвярэй. Ён сабраўся ўжо крыкнуць, ці ёсць хто-небудзь, калі раптам пачуў жаночы голас і аслупянеў.Карaлі гэтыя мне сціснуць шыю,Вянец вясельны галаву прыгне.Нашто ён мне? Ix косці мора мые.Ix карабель даўно ляжыць на дне.Голас зазвінеў тугою. Такая маладая, моцная горыч была ў iм, такі боль, што ў Касачэўскага зашчымела ў горле.І дна марскога нежывыя ценіСхавалі ад мяне i ад бацькоўАдвагу іх, ix ярасць i сумленне,I да радзімы верную любоў.А голас пытаў, клікаў. Слёзы чуліся ў ім. А пасля ярасць:Дзе ён, каханы? О, як сэрца ные.Зірнуць бы ў вочы родныя яго,Арліныя, халодныя, стальныя,Жахлівыя для лютых варагоў.Хто памятае ix? О божа, божа!Палае ўсё, i гінe наш народ.Такой задушэўнасцю гучаў гэты невядомы голас, што ў Касачэўскага слёзы прасіліся на вочы. Што гэта было? Казка?Я не аддам яму кахання руту.О дарагі мой, мой няшчасны край,Я паміраю. Вось яна, атрута.Бывай, зямля. Каханы мой, бывай.Голас сарваўся ад хвалявання, ад відавочнага болю.О, як пячэ! Каханы мой, мой любы.Хутчэй сюды праз хвалі ўcix марэй.Цалуй мяне ў мярцвеючыя губы.Канец... канец...Голас заміраў. Адначасова пачулася шапаценне i стук ад падзення цела. Не памятаючы сябе, Касачэўскі кінуўся ў пакой:– Што вы робіце?! Супыніцеся!І асекся, разумеючы, што зрабіў вялікае глупства і недалікатнасць.У пакоі на падлозе ляжала дзяўчына. Касачэўскі не паспеў заўважыць, прыгожая яна цi не. Ён заўважыў толькі яе ўбор, аксамітную вішнёвую сукню старажытнага крою i сярэбраны, тканы “караблік” на доўгіх косах.Дзяўчына павольна ўстала з падлогі.– Што гэта такое?Ніхто не мог бы сказаць гэта больш годным тонам, i Касачэўскі мармытнуў:– Прабачце, я стукаў. Але вы не адказалі. Пасля я пачуў... і кінуўся...– Я зyсiм яшчэ не збіраюся паміраць.Касачэўскі быў гатовы праваліцца праз зямлю. Ён стаяў нязграбны, вялікі, пераступаў з нагі на нагу. Бялявыя валасы, як страха, падалі ў яго на сінія, як неба, вочы.– Даруйце, я проста не ведаю, у якое стагоддзе я трапіў.Яна замест адказу сказала горка, наступаючы на яго:Пакіньце гэты дом, шаноўны пане.Чакаюць коні вас. Грыміць труба.А тут жалоба, слёзы на світанні,I па забітых вечная журба.Лявон не заўважыў дзіўнага агеньчыка ў яе вачах i збянтэжана пакланіўся. Пасля падаўся задам да дзвярэй.– Д-добра. Я... пайду. Прабачце. Я перашкодзіў з гэтай атрутай...I тут яна разрагаталася.– Чакайце, куды вы? Раз вы зайшлі, дык растлумачце хоць, нашто я вам.I тут Касачэўскі выпаліў:– Слухайце, калі вы пакінеце дурыць мне галаву? Што тут, уласна кажучы, адбываецца? Ці, можа, усе людзі звар’яцелі, ці я адзін вар’ят? Дзе я, нарэшце?Яна зноў стала сур’ёзнай.– Вядома, у... наццатым стагоддзі. Чуеце, коні грукаюць капытамі. Бачыце, у гэтым пакоі адна толькі люстра; а там, за сцяной, зала і зброя на сценах... І мой жаніх загінуў у моры.Касачэўскі зажмурыў вочы i скалануў галавою:– Хто ж вы, нарэшце? Марыя?– Так. Нашто завітаў сюды вандроўны рыцар? Я сапраўды Марыя.– Тады гэта вам, – сказаў Лявон, канчаткова адмаўляючыся зразумець што-небудзь у гэтай фантасмагорыі.Яна ўзяла ліст i пачала чытаць. Вочы яе сталі вялікімі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14