1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Яе любілі ўсе.Маленькая, танюткая, чымсьці падобная на дзяўчо ў свае васемнаццаць год, яна выклікала ў кожнага мужчыны, нават слабага, імкненне абараняць яе. Не было на свеце нічога больш падманнага за такое імкненне, таму што ў гэтым гнуткім целе жыў, у патэнцыі, мужны дух змагара і майстра. Кожны душазнаўца мог бы заўважыць у яе сэрцы будучыя якасці сапраўднай Жанчыны: імкненне кахаць і быць каханай, тонкі розум, рэдкую для кабет дасціпнасць, уменне адшукаць бліжэйшы і верны шлях да свайго шчасця.Але ўсё гэта яшчэ драмала ў нетрах яе істоты, як невыразная праява таго, што павінна было прыйсці ў будучым. Бясхмарнасць і безабаронная яснасць заклікалі да кожнага аб убіранні каменняў з дарогі гэтага слабога кацяняці. І мужчынам было прыемна гэта: адчуваць сябе лепшымі, моцнымі, справядлівымі і гожымі поруч з ёю.Яна яшчэ не ведала навальніц. Гэта адразу можна было заўважыць па выразу шэрых вачэй, якія шырока і даверліва глядзелі на свет, па шчырай, трохі нястрыманай, хутчэй юнай, чым жаноцкай, усмешцы. Уся яна была суцэльнай адданасцю людзям, і душа яе раскрывалася насустрач кожнаму чалавеку з чаканнем аднаго толькі дабра.Гэта было так відавочна, што нават кіраўнік харэаграфічнай студыі пры оперным тэатры, грубы, як буйвал, і тоўсты, як морж, Нісоўскі, народны артыст рэспублікі, імя якога яшчэ зусім нядаўна грымела па ўсёй Еўропе, склікаў аднойчы танцораў “мужэскага полу” і зрабіў ім “накачку”, ён, які цэлымі днямі толькі і рабіў, што грукатаў лаянкай, як пузыр з гарохам.- Каб вы ў мяне ведалі, з кім маеце справу, фанфароны. Дзяўчына ўсім верыць, горнецца да ўсіх... Як сланечнік... і калі хто паспрабуе гэтую веру – галаву адкручу. Усё адно ў вас ногі разумнейшыя за гэты прыдатак... А вы чаго там усміхаецеся, Клявін? Я гэту вашу брыдкую прыказку ведаю: “Пажывём – пабачым”. Дык вось, першы крок у гэтым напрамку будзе вашым апошнім крокам на маёй сцэне. Суцяшайце Лядоўскую, яна, пасля трэцяй пластычнай аперацыі, сустрэне гэта не без прыемнасці... І вам у сэнсе будучага будзе карысна.І прыбавіў:- Мы павінны берагчы яе ілюзіі. Яна – талент. А потым выбухнуў:- Чаго морду вароціце? Што я вас, не ведаю? Занадта ў вас бурхлівае, мякка выслоўліваючыся, віраванне гармонаў... Банда павіянаў, а не студыя.Клявін пакрыўдзіўся. Пакрыўдзіліся і астатнія. Таму што ніхто і без слоў Нісоўскага не мог пакрыўдзіць “маленькую”. Але Нісоўскі ў новай іпастасі быў такі незвычайны, што ўсе, аслупянеўшы, не выказалі нават позіркам сваёй крыўды.

Потым усе разышліся. Нісоўскі пайшоў у буфет і, седзячы за келіхам шампанскага, бурчаў свайму сабутэльніку:- Не ў тым справа, што такіх таленавітых, магчыма, з часоў Рамо не было... Справа ў тым, што яна так шчыра , так аддана глядзіць на свет... І гэта ў нашы часы... Нясцерпна!А Клявін, цыбаты малады чалавек з вельмі прыгожымі нагамі і вельмі, пакуль што, вузкімі грудзьмі, Клявін, якога падазравалі ў тым, што ён вялікі “бабнік”, пайшоў плакаць у камізэльку свайго сябра, скардзіцца на грубасць “таленавітага і разумнага” настаўніка. Потым ён накіраваўся да выхаду, сустрэўся ў калідоры з “маленькай” і сказаў ёй з дрыжаннем у голасе:- Бачыце, маленькая, вылаялі мяне за вас. Наш мегапатам думае, што як ён усім грубыя словы кажа, дык і мы можам грубасці вам казаць.Потым ён раптоўна суцешыўся. Глыбока і перарывіста ўздыхнуў, прапанаваў:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13