1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Ужо не плачучы, яна ціха сказала:- А мне нічога. Няма, відаць, даверу.Стары выціраў ёй вочы сваёй хусцінкай. Скончыўшы з гэтым, ён ціха спытаў:- Ты пакахала, дзяўчынка? Ты ўся свецішся ім. А я, дурань, пагражаў адкруціць яму галаву. Ідзі. Усё будзе добра.Калі яна выйшла, стары пастаяў хвіліну моўчкі і раптам сціснуў кій.- Аб Віцьку я, здаецца, пераламаю калі-небудзь палку. На трэскі....З Клявіным яна некаторы час не размаўляла, унікала яго. Хадзіла па студыі халодная і вонкава спакойная. А ў самой горача падала сэрца, калі яна бачыла хлапечую постаць Віцькі і яго сумныя вочы. А потым, калі крыўда прайшла, пакрыўдзіўся ён.Нісоўскі толькі галавою хітаў, гледзячы на гэта.А ў “маленькай” разрывалася сэрца. Жахліва, вядома, тое, што здарылася з дзядзькам. Але той, той, што праважаў яе да дзвярэй дачы, хіба ён вінен у гэтым, хіба ён падпісаў гэты жахлівы загад? Не, ён не мог ведаць гэтага....У снежні ў Вялікім тэатры павінен быў адбыцца юбілейны канцэрт. Нумароў было многа. “Маленькая” вяла свой нумар у пары з Клявіным-Зігфрыдам. На канцэрт павінен быў прыехаць і Ён; яна ведала, што Віцька зноў будзе глядзець у бок вялікай ложы злоснымі вачыма, і ёй гэта было непрыемна.Віцька стаяў ужо за кулісамі ў белым з золатам убранні Зігфрыда. Смешны хлапечы Зігфрыд з доўгімі прыгожымі нагамі, худы і сумны.І раптам яна вырашыла. Яна падышла да яго і з усмешкай глянула ў вочы. Ён адвярнуўся, натапырыўшы чапялою ніжнюю губу. Нікога не было вакол, і таму яна не пакрыўдзілася.- Пагаворым, Віця.Ён маўчаў.- Ты што, зусім не хочаш быць са мной?Ён маўчаў.- Ну скажы хоць слова.Віцька сказаў гэта слова, трасучыся ад стрыманага абурэння:- Я не магу дараваць яму Івана. Я яго ненавіджу.“Маленькая” паклала руку на яго валасы.- Віця, - умольна сказала яна, - ён няшчасны, як толькі можа быць чалавек.Віктар маўчаў. І тады яна сказала:- Віця, я кахаю цябе. Вельмі. Да канца. Вельмі верна і аддана. І пакорліва.Ён не мог больш утрымацца.Абняў яе за стан, споўз уніз – не, не споўз, упаў, як падстрэлены, і затросся ля яе ног ад сухіх стрыманых рыданняў.- Не магу, не магу без цябе.Яна прысела на кукішкі, паклала далонь яму на галаву.- Ну што, мой родны, ну што, мой каханы?І ўсё знікла. Засталіся толькі кулісы і бялявая галава, што трэслася ад гора, прынікшы тварам да яе ног. ...Канцэрт вось-вось павінен быў пачацца, калі “маленькая” па апладысментах, што ўспыхнулі ў зале, здагадалася: прыехаў Ён.Яна адразу ж прынікла да вочка, зробленага ў малінавай завесе, і пабачыла чырвоную з золатам залу, стракатую гурму людзей і Яго, акурат насупраць сябе. Ён з’явіўся ў ложы і з усмешкай абводзіў вачыма ярусы.Зала віравала. Авацыя трэсла сцены. Узбуджаныя выгукі ляцелі пад столь, да ззяючай люстры. Не апладзіраваў толькі ланцужок людзей у шэрых, як у Сторава, гарнітурах, што сядзеў у апошнім радзе партэра. Авацыя грымела ў зале. “Маленькая” праз вочка глядзела на гэты трыумф, і цеплыня расла ў яе грудзях.“І такога можна ненавідзець? Чаго ж тады апладзіруюць людзі? Не, пакуль Ён тут, добры да яе і да Віці, вялікі, цёплы – усё яшчэ будзе добра на зямлі”. Авацыя сціхла нарэшце. І амаль адразу на авансцэне, залітай агнямі, заспяваў шматгалосы хор. Магутнымі раскатамі загрымелі галасы.Спявалі аб Ім.Спявалі аб тым, як шырока разлілася яго слава, як спяваюць песню аб ім усе народы зямлі, як дрыжаць перад яго імем ворагі.Урачыстыя гукі, падобныя на язычаскі хор перад статуяй невядомага бога, поўнілі залу, а Ён сядзеў у ложы і з годнасцю глядзеў на сцэну.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13