1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Узмывалі ўгору галасы. Спявалі аб велічы. Аб сіле, аб славе, якой ужо не можа змясціць зямля. Чараванне гэтай музыкі здольнае было выціснуць на вочы гордыя слёзы. І “маленькая” адчувала іх і ганарылася, што яна толькі частка той сілы, якая цягне людзей да гэтага чалавека.Да самых вышыняў мажора ўзляталі галасы. Спеў біўся ў сцены і столь. Грымеў язычаскі харал.“Маленькая” здольная была зараз кінуцца да Яго, каб у адзіным крыку выкрыкнуць сваю любоў.Грымеў харал.І таму яна зусім не здзівілася, калі хор змоўк і ўвесь натоўп, усе, хто запаўняў партэр, кінуліся да ложы. Крыкі захаплення зліліся ў роў, не, не ў роў, у стогн, які вырываўся з соцень грудзей, як з грудзей аднаго чалавека. Уздзетыя рукі, закінутыя галовы, далоні, дрыжачыя ў паветры. І пад усім гэтым стогн захопленых выгукаў.Яна не адразу зразумела таго, што здарылася далей. Насустрач бягучым да ложы ўстаў ланцужок людзей у шэрых гарнітурах.Наэлектрызаваная музыкай, ахопленая масавым псіхозам гурма наляцела на яго.Роў. Крыкі. Слёзы захаплення.Напэўна, слёзы захаплення і парыў не былі прадугледжаныя інструкцыямі. Магчыма, нават людзі ў шэрых гарнітурах спужаліся. Яны, якія сеялі жах перад замахамі, самі ўрэшце паверылі ў сваю здань. Сярод лікуючага натоўпу мог знайсціся адзін з “гарматай” у кішэні. Выбух энтузіязму мог быць небяспечным.“Маленькая” зразумела гэта потым. Зараз яна толькі бачыла праз сваё вочка рукі, працягнутыя да ложы.І таму яна не паверыла сваім вачам, калі пабачыла, што ланцужок шэрых людзей пачаў адштурхоўваць тых, што лезлі наперад.Пярэднія, можа, і рады былі б стрымацца, але ззаду напіралі іншыя. Крык захаплення каціўся над галовамі. І тады шэрыя, зразумеўшы, відаць, што стрымаць націск будзе цяжка, пачалі біць пярэдніх, адганяючы іх назад.Пачалі нязлосна, але потым пах бойкі ўдарыў у нос. Пярэднія непаразумела крычалі, закрываючы твары, але іхнія крыкі губляліся сярод агульнага ляманту захаплення.“Зараз ён заступіцца, - хвалявалася “маленькая”, - зараз ён скажа. Ён не зможа глядзець на гэта”. Яна бачыла грэблівую складку пад яго вусамі, ведала, што ён зараз… зараз спыніць гэтую агіднасць. “Маленькая” закрыла на хвіліну вочы, а калі зноў прыўзняла пушыстыя вейкі, яго не было, ён знік з ложы.Але людзі не бачылі гэтага. Крык ірваўся з глотак, і невядома было, чаго галасуюць пярэднія: ад болю ці адзахаплення. Невядома было, чаго цякуць па іхніх тварах слёзы: ад энтузіязму ці, можа, ад таго, што іх б’юць. І тады “маленькая”, адчуваючы, што здарылася нешта непапраўнае, што ўвесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну, раптам сціснула далонькамі скроні і разрыдалася так нясцерпна і несуцешна, як можна рыдаць толькі на мяжы юнацтва, калі жыццё ўпершыню пакрыўдзіць цябе.Яна плакала ў кутку так, быццам душа яе разрывалася на кавалкі. І гэта было сапраўды так. І па-сапраўднаму жахліва было глядзець на яе мокрыя веі. Яна плакала аб гэтых людзях, аб ім, што памёр у яе сэрцы, аб Віцьку, які так пакутуе. І аб сабе плакала яна, аб сваім даверы і чысціні.Калоцячыся ў рыданнях, яна адчула спіною чыйсьці пільны позірк і павярнулася. Стораў стаяў непадалёк і глядзеў на яе халоднымі жорсткімі вачыма. Стаяў і глядзеў, больш нічога. Але яна не магла ўтрымацца і плакала, і гэта было як развітанне з маладосцю. Стораў глядзеў на яе ледзянымі празрыстымі вачыма. Потым дзіўная, упершыню за ўвесь час, што яна яго ведала, усмешка расшчапіла яго вузкі, як шчыліна, рот. Расшчапіла і згасла.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13