1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

- Давайце, Ніна, я хоць чамаданчык вам да трамвая паднясу. А то вы нешта сёння бледнаватая. Стаміліся, відаць.Ён ішоў поруч з ёю, цыбаты, няўклюдны, нягледзячы на ўсю танцорскую грацыю, і толькі тут стала ясна, што не такая ўжо яна маленькая – звычайны жаночы рост, што ўражанне мініяцюрнасці – ад кволай і пяшчотна-тонкай яе постаці.На вуліцах Масквы дворнікі зграбалі ў люкі карычнева-брудны, падобны на расталую арэхавую халву, снег. З-пад гурбаў цяклі ручаіны, і сонца скакала ў іх, трапляючы часам вострым праменьчыкам у вочы прахожага і прымушаючы яго весела чхаць.- Вы любіце вясну, Віця? – спытала яна.- Вельмі, - ён пачырванеў, - яна мудрая... і легкаважная.- Як Моцарт, - сказала яна.Клявін ішоў з ёю, пагойдваў чамаданчык, кідаў наўскос позіркі на пасмачку валасоў, што выбіліся з-пад берэта, на прымружаныя ад сонца вочы, і яму, упершыню за апошнія месяцы, стала добра жыць. Веташным завулкам яны выйшлі на Варварку (вырашылі ісці пехатою) і аж закрылі вочы, так нясцерпнаярка, куды ярчэй сонца, палаў перад імі ў блакітнай вышыні купал Івана Вялікага. Нават бруднаватая Масква-рака сёння здавалася сіняй, увабраўшы ў сябе столькі блакітнага неба, колькі магла змясціць.На рагу аднаго з будынкаў перад Вялікім Каменным мостам вісеў намаляваны на палатне плакат: рука ў калючай рукавіцы трымала за глотку маленькага разлезліка з надзвычай подлай мордай. Разлезлік торгаў ручанятамі, дарэмна імкнучыся вызваліцца. Невядома было толькі, нашто на такога плюгаўца ўся рука: дастаткова было б шалабана – і садухі.Праходзячы паўз плакат, Клявін цяжка ўздыхнуў і апусціў вочы. Яна пачула гэта, цікнула краем вока на плакат і сказала:- Сапраўды жахліва, Віця. Што мы ім зрабілі, што яны кожны дзень ідуць на дыверсіі, нават у вёсках атручваюць студні?- Не ведаю, - унікліва сказаў Віцька.- Столькі радасці вакол. Святла. Вясны. А яны... хоць бы адзін разумеў, што людзі хочуць, каб іх пакінулі ў спакоі.У легкаважнага Віцькі папоўз па шчоках буры румянец. Ён ускінуў падбародак і, відаць, не стрымаўшыся, сурова сказаў:- Дзядзьку Івана арыштавалі... Тры тыдні таму.- Што?! – у яе зрабіліся шырокімі вочы. – За што?- Не ведаю. Ведаю толькі адно: ён заўсёды любіў дзяцей. Як ніхто.Так, яна ведала гэта і сама. Прыязджаў дзядзька Іван – і ў Віцькавай кватэры стаяў вэрхал. Дзеці і ён перагортвалі ўсё дагары нагамі. Ён умеў строіць з сябе тыгра, спяваць салаўём, голасна рагатаць, прывозіць дзецям падарункі – усім, хто быў другам Віцькі або яго суседам, - умеў швэндацца з дзецьмі па садах, заапарках і кандытарскіх, умеў маляваць карыкатуры на самураяў. Дый чаго ён не ўмеў? Жыцця ў ім было – на дзесяцёх.- Не ведаю, - сурова сказаў Віцька, - але ён браў Зімні, быў арганізатарам паўстання ў Смаленску, быў у Першай Коннай. Ён усёй Чукотцы нёс асвету. Калі ён не камуніст, дык хто тады камуніст?- Супакойся, - папрасіла яна.- Ён добры камуніст. І я нікому не паверу, што ён хацеў аддаць Далёкі Усход японцам... Вось што... А калі ты верыш – ідзі далей адна і не размаўляй са мною больш.Віцька памаўчаў і дабавіў:- Я... амаль давёў цябе дахаты.Ён быў выхаваны хлопчык.- Віця, - ціха сказала яна, - чалавек можа змяніцца. Але ты супакойся. Я не веру, што Іван Мікалаевіч мог зрабіць гэта. Паверу наконт многіх, але наконт яго – ніколі. Тут відавочна судовая памылка. У ёй разбяруцца. Клявін апусціў веі.- Так, - сказаў ён, - вядома, разбяруцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13