1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Ён не сказаў – і яшчэ не мог сказаць, - што дзядзька памёр у турме тыдзень таму. Ад запалення лёгкіх.Ён не сказаў. “Маленькую” ўсе шкадавалі.- Ты не хвалюйся так. Усё-ўсё будзе добра.- Бывай, - сказаў Віцька.- Ты не зойдзеш да нас?- Не, - сказаў ён, - бывай.Яна глядзела яму ў спіну і дзівілася: Віцькава постаць была зусім дарослай, не такой, як месяц таму.Яна верыла ў тое, што ўсё абыдзецца; на дварэ ж была вясна, а жыццё ва ўсіх было наперадзе. І таму, падыходзячы да свайго дома, яна адчувала сябе так, быццам амаль нічога не змянілася на зямлі.Іхні дом узвашаўся над будынкамі Замаскварэчча сяміпавярховым гмахам. Калісьці адзін з Ціт Цітычаў зразумеў, што двухпавярховыя асабнякі – гэта не галоўнае, нават у гэтай частцы горада, што будучае ляжыць у даходных хмарачосах. Так з’явіўся на свет дом Ніны: зялёны фасад у стылі “мадэрн”, высокі дах, фігурыстыя вокны.На астатнія тры муры мадэрну не хапіла, яны былі з чырвонай цэглы, пацямнелай ад куродыму і часу.І зусім ужо цёмны быў унутраны двор, куды выходзіла адно з вокан іхняй кватэры. Цёмны, падобны на студню двор.Яна ішла дваром. Прамяні заходзячага сонца падалі на яе постаць, на попельныя косы, закручаныя вакол галавы, на чамаданчык, сціснуты ў худзенькай руцэ.Ля параднага стаяў Антон Набатаў, мужчына год пад сорак у капелюху набакір, пакурваў, глядзеў на “маленькую” вузкімі вясёлымі вачыма. Ніна ведала, Антон чакаў жонку: кожны вечар яны разам ішлі кудысь, бо Антон любіў музыку, смех, гасцей, наогул жыццё.- А, Тэрпсіхора, - нязлосна сказаў Антон. – Ну, як паскокваецца?- Нічога, дзядзька Антон, скачам.- Пад чыю дудку?– Пад дудку Нісоўскага.- Ну, гэта яшчэ не самае горшае.Жонка Антона выйшла з параднага, на хаду разглядаючы ў люстэрка нос.- Бачыш, Ніначка, - шэптам сказаў Набатаў, - далей носа нічога не бачыць.“Маленькая” ўсміхнулася. Яна любіла Антона.А жонка Набатава пабачыла ўжо іх і загаварыла нейкай незвычайнаю гаворкаю (яна была з поўначы, паморка):- Ніначка, любушка. Дык гэта ты тут з маім бэйбасам размову вядзеш? Прыходзь заўтра да нас. У Антона нараджэнне. Будзе твой улюбёны струцаль з макам.- Прыйду.І абцасікі маленькай балерыны заляскаталі па сходах, трохі запавольваючы хаду ў канцы кожнага пралёта. У хаце яна распранулася, адкроіла сабе лусту хлеба з сырам і з нагамі забралася на падваконне. Надыходзілі добрыя дні. Цяпер яшчэ не дазваляюць трымаць вокны расчыненымі. А праз месяц яна будзе вось так сядзець на акне, вецер будзе дыхаць у скроню, а з двара будуць далятаць галасы дзяцей. А вецер будзе гартаць старонкі кніжкі, засыпаць радкі белымі суквеццямі бэзу, што стаіць у гарлачы. Божа, хоць бы хутчэй! Хоць бы хутчэй жыццё!На каленях у яе ляжала кніга Эцьена Баэсі ( “маленькая” думала, што ёй лепш чытаць сур’ёзныя кнігі), але яна зараз не глядзела ў яе.Сонца спусцілася зусім нізка, пафарбавала Замаскварэчча ў апельсінавы колер, прыкрасіла нават самыя старыя, самыя аблупленыя будынкі. Чырвоныя муры барокавай званіцы непадалёк наліліся густым барвяным полымем.Загрукатаў трамвай у Кліментоўскім завулку.І гэта ўсё было Замаскварэчча, радзіма, любы куток, дзе ўлетку так квітнеюць ліпы, дзе ў паўкруглых вокнах мансард вечарамі ідзе сваё жыццё, дзе гуляюць дзеці ля доміка Астроўскага. Усё яшчэ павінна было быць: музыка, якую яна любіць больш за ўсё, кнігі, якія з такою пяшчотай бяруць цябе за руку і вядуць у свой свет, мора, якое яна неадменна пабачыць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13