1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

І, магчыма, каханне. Аднойчы пад гэтым самым акном спыніцца вечарам Паэт. У яго будуць доўгія залацістыя валасы, блакітныя, як мора, вочы. Ён будзе апрануты ў чорны строгі гарнітур. Ён будзе станісты і ў дзесяць разоў прыгажэйшы за Блока. Выявіцца, што ён пабачыў яе ў тэатры і цэлых два месяцы хадзіў па вуліцах Масквы, каб натрапіць на яе след. І вось знайшоў.Ён возьме яе за руку і скажа...Што ён скажа, “маленькая”, па маладосці год, дрэнна ўяўляла сабе, але яна ведала, гэта будзе нешта такое гожае і цёплае, што бывае на зямлі раз у стагоддзі.Яна дала сабе слова, што не будзе крыўдзіць яго. Толькі спачатку трошкі павагаецца, каб ён напісаў аб ёй і аб сабе самую лепшую на зямлі паэму.Чамусьці яна ніколі не спаймала сябе на думцы, што яна надае Паэту некаторыя рысы Віцькі. Віцька быў глупствам, Віцька быў свой, хатні, яму можна было апусціць за каўнер сняжок (гэта называлася “мора Лапцевых”), пакпіць з яго ў кампаніі.... Познім вечарам яна, паклаўшыся ўжо ў ложак, зноў успомніла пра Віцьку. Сон краўся да яе вачэй, і таму ўсё дзённае здалося простым, лёгкім, не вартым увагі. Яна засмяялася, падцягнула калені бліжэй да падбародка, скруцілася, як котка, у сваім утульным ложку. - Усё, усё, усё добра. Усё будзе, будзе, абавязкова будзе добра.І як правалілася ў мяккі свет, дзе жылі сны.Яна не чула, як пабеглі па столі адбіткі фараў аўтамабіля, як ён спыніўся ля параднага (і святло спынілася на сцяне, непадалёк ад галавы “маленькай”), не бачыла, як з аўто вылезлі людзі і зайшлі ў пад’езд. І яшчэ не бачыла яна таго, як людзі выйшлі з пад’езда і разам з імі выйшаў Антон Набатаў. Павярнуўся да дзвярэй і з пяшчотай сказаў камусьці:- Я скора вярнуся, любая... Не плач...Яна нічога не чула. Яна спала....Антон паехаў у далёкую камандзіроўку. Але жыццё не змяніла сваёй плыні. Былі маленькія гароты, былі маленькія радасці. Радасцяў было больш. А скора прыйшла і вялікая радасць. Нісоўскі аб’явіў ім, што за выключныя поспехі некаторыя з хлопцаў і дзяўчат атрымалі права ўдзельнічаць у канцэрце, што адбудзецца ў Крамлі... Гэта былі дзівосныя дні, усе гэтыя дні падрыхтоўкі: мітусяніна, бязладныя гукі музыкі ў розных канцах будынка і, нарэшце, зборы.У машыне Ніна апынулася разам з Віцькам. Цемра машыны пахла пылам і парфумай, слізгала насустрач шумлівая вуліца, раўлі клаксоны сустрэчных машын. Але Віцька рабіўся больш і больш змрочны, назіраючы за вясёлым патокам людзей.- Як справа з Іванам Мікалаевічам? – спытала яна.Віцька глянуў на яе твар і пабачыў на ім такі ззяючы, такі шчаслівы выраз, пабачыў такія даверлівыя вочы, што толькі глуха кашлянуў.- Адпусцілі, - змрочна сказаў ён.- Вось бачыш, я ж казала табе. “Маленькую” ўсе шкадавалі...

Канцэрт быў у Георгіеўскай зале, вялізнай, белай з золатам. Усе сцены залы былі ў прозвішчах: тут запісвалі імёны поўных георгіеўскіх кавалераў. Пэўна, тут было і прозвішча дзеда, каб толькі быў час адшукаць яго сярод тысяч іншых.Але часу на гэта не было. Часу наогул нінавошта не было. Таму што трэба было выступаць. І Нісоўскі нерваваўся з таго, што ў кагосьці нешта не да ладу было ў гарнітуры, і яшчэ з таго, што ў гэтай чортавай зале дрэнны рэзананс, гукі глухнуць, набягаюць адзін на адзін, а дзяўчаты маладыя і могуць зблытацца.Гледачоў было не вельмі многа, і “маленькая” амаль не хвалявалася, тым больш што выступала яна ў кардэбалеце, вяла танец Кавы са “Шчаўкунчыка”. Весці, праўда, цяжка, але ўсё ж гэта толькі кардэбалет.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13