1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

І раптам сэрца яе ўпала ад радасці і, адначасова, ад страшэннага жаху. З дзвярэй, што злева ад часовай сцэны, выйшаў Ён, тысячы разоў знаёмы па партрэтах і ўсё ж зусім не такі.Ён ціха сеў на бліжэйшае крэсла і падрыхтаваўся слухаць.Дзяўчаты, як пабачыла “маленькая”, нічога не заўважылі. І гэта дапамагло ёй узяць сябе ў рукі, пераадолець дрыжанне ў каленях.“Дзяўчаты не павінны заўважаць, - падумала яна, - іначай саб’юцца, будуць хвалявацца, усё атрымаецца горш”.Яна перахапіла позірк Нісоўскага, зразумела, што ён думае пра тое самае, і непрыкметна кіўнула яму галавой.Першыя гукі ўступу, зманліва-салодкія, шчымяча-томныя, пралуналі пад скляпеннямі залы. І “маленькая”, не спяшаючыся, ведаючы, што ў сябровак, як ва ўсіх, хто выступае першыя разы, стаіць перад вачыма ружовы туман і яны нічога не бачаць, павяла на сцэну гнуткі, карычневы з золатам ланцуг.Сама яна, у адрозненне ад іх, бачыла ўсё. Яна магла быць вельмі разважлівай і валявой, гэтая маленькая балерына.Яна ведала, што накладная смаляная каса будзе віцца так, як захоча гаспадыня, што яе танюткія, як сцяблінкі кветак, рукі зараз выгінаюцца ў знямозе і здаюцца сапраўднымі жаночымі рукамі, што шакаладныя з золатам шальвары не схаваюць рухаў яе ног.І сапраўды, выдаваў яе хіба што толькі жывот, вузкая палоска якога бачная была пад шальварамі, зусім яшчэ дзяўчачы, худзенькі жывот. Чалавек – яна бачыла гэта – глядзеў на сцэну “звычайнымі” вачыма. Але потым прыйшло захапленне танцам, якое можна параўнаць толькі з натхненнем паэта, і тут яна не заўважала ўжо нічога. Яна не ўбачыла, што якраз з гэтай хвіліны змяніўся позірк чалавека, што сядзеў у крэсле, змяніўся, стаў зацікаўленым, расчуленым і нейкім нязвыкла добрым. А Нісоўскі з захапленнем глядзеў на яе і шаптаў сам сабе:- Разумніца... Не разгубілася... Разумніца мая.А сам думаў:“Гэта будзе больш, чым Тальёні, больш, чым Істоміна... І ўсё ж гэта не яе амплуа. Ёй бы Адэту, Лебедзя”.Калі яны зніклі са сцэны, калі іх тройчы зноў выклікала на сцэну авацыя, “маленькая” заўважыла, што чалавек апладзіруе і глядзіць на яе. Сумненняў быць не магло. Менавіта на яе.Яна не ведала, што была кранаючай у сваёй маладосці і сонечнасці, што яна танцавала надзвычай добра. Яна ведала толькі, што ўсё хораша, усё як мае быць.Калі яна пераапранулася ўжо ў звычайны, вельмі строгі англійскі гарнітур і стаяла ў баку ад сцэны, да яе падышоў шырокі чалавек з невыразна-мужным тварам, які ўвесь, здавалася, складаўся з выступаючага падбароддзя і глыбока праваленых сініх вачэй.Ён пакланіўся ёй і, цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў чатыры словы, быццам каменне варочаў:- З вамі хочуць паразмаўляць.І яна здагадалася, хто хоча паразмаўляць, і ўзрадавалася гэтаму да ўзнёслай, лікуючай хвалі ў грудзях.Нічога не заўважаючы вакол, - вось калі з’явіўся ружовы туман, - яна пайшла поруч з шырокім чалавекам у заднія рады крэслаў, адкуль усміхаўся ёй правадыр радзімы.Бліжэй. Бліжэй. Бліжэй.- Дзень добры, дзяўчынка, - сказаў ён.- Дзень добры, - бязгучна адказала яна.- Сядайце тут, - ён паказаў ёй на месца поруч.- Дзякуй вам.Ён быў самы гожы і прыемны з усіх. Нават тое, што (як яна заўважыла раней) ногі ў яго былі карацей за тулава і, седзячы, ён здаваўся больш манументальны, чым на самай справе, падабалася ёй.“Як Гётэ”, - падумала “маленькая”.У яго былі сівеючыя валасы, прамы нос, твар, трохі крануты воспай, і прыжмураныя вочы, ля якіх трывала ляжалі гусіныя лапкі зморшчын.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13