1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Калі яны зноў спусціліся са сходаў, шырокі мужчына ў шэрым гарнітуры ўсё яшчэ стаяў там.- Гэта мой Стораў, - сказаў спадарожнік “маленькай”, - бачыце, стаіць, баіцца, каб ніхто не адкусіў ад мяне кавалка... Ну і астабрыд ён мне.- А ён нічога сабе, здаецца добрым.- Ён? – Спадарожнік хмыкнуў. – Ну, гэта вы ўжо ад занадта вялікага даверу да жыцця.Ён стаў перад дзвярыма залы.- Ну вось мы і прыйшлі. Я думаю, вы не апошні раз тут, пабачыце яшчэ ўсё. Вы вельмі харошая, Ніна, і мне здаецца, ваш лёс – радаваць талентам і шчырасцю людзей.І сказаў Стораву:- Запішыце. Гэта дзяўчынка будзе таксама цяпер выступаць у нас.Паглядзеў на “маленькую” добрымі вачыма.- Бывайце. Да скорай сустрэчы....Так пацяклі далейшыя дні. Чалавек не забыў сваёй прапановы. Цяпер “маленькая” выступала амаль на ўсіх канцэртах. І ён заўсёды знаходзіў час пагаварыць з ёю, спытаць, як яна жыве, якія ў яе поспехі. Аднойчы нават паклаў ёй руку на галаву і пяшчотна пагладзіў попельныя валасы.“Маленькая” пачала заўважаць, што ў студыі ставяцца да яе больш уважліва і насцярожана, з падкрэсленай ласкавасцю. Ёй гэта было непрыемна. І толькі адзін Нісоўскі па-ранейшаму, нават больш груба, грукаў палкаю аб падлогу з-за самай недарэчнай яе памылкі.- З вас нічога не атрымаецца, калі так пойдзе далей... Памрэце пад плотам.Як быццам гэта быў самы звычайны канец для жанчыны: смерць пад плотам.Нісоўскі лаяўся дарэмна. Ён і сам адчуваў гэта. “Маленькая” ўступала ў росквіт таленту. Талент і яна здаваліся цяпер адным паняццем. Яна танцавала так, што нават у відалых і таму скептычных знаўцаў з’яўляўся цёплы агеньчык у вачах.Ад канцэртаў была і яшчэ адна карысць: відавочна павесялеў змрочны за апошні час бацька. І ўсё ж яна вельмі стамлялася ад іх і аднойчы нават паспрабавала адмовіцца ад аднаго запрашэння. Тады бацька, упершыню ў жыцці, накрычаў на яе. Пакрыўджаная і непаразумелая, яна паехала, а потым, уначы, бацька прасіў у яе прабачэння ледзь не са слязьмі на вачах.Больш яна не адмаўлялася, хоць там яе цікавіў толькі чалавек з гусінымі лапкамі ля вачэй, да якога яна, нягледзячы на амаль бязмежную любоў і павагу, адчувала часам невыразнае пачуццё шкадавання. Яна не ведала, адкуль гэта. Ён быў проста самы лепшы чалавек на свеце, і ёй было яго шкада.А на канцэртах былі заўжды амаль адны і тыя ж людзі. І ўсе хутка ўжо ведалі яе і віталі з усмешкамі. “Маленькую” ўсе любілі.Так прайшоў год. Усё тая ж сонечнасць вызначала яе, і яна не стамлялася радаваць сваёй шчырасцю людзей. І кожнаму хацелася, пабачыўшы яе, расчуліцца і чымсьці дапамагчы. Відаць, бываюць людзі, якія адной сваёй прысутнасцю каталізуюць у навакольных дабро.Была ў “маленькай” і крыўда. Яе пачаў пазбягаць Віцька Клявін. Пры сустрэчах стрымана ківаў галавою, а калі мог – імкнуўся завараціць кудысьці ўбок. Яна не разумела, у чым справа, злавалася на гэта, некалькі разоў спрабавала пагаварыць з Віцькам, але ён адказваў адно:- Што ты! І не думаў. Табе здалося.А ў вачах яго быў амаль фізічны выраз крыўды і тугі.Бадай што толькі тут “маленькая” зразумела, як не хапае ёй Віцькі, яго адданых вачэй, яго маўклівага кахання, яго не заўсёды разумных жартаў. Зразумела, але нічога не магла змяніць.Аднойчы яна – у каторы ўжо раз – удзельнічала ў канцэрце. На гэты раз яна танцавала “Паміраючага лебедзя” Сен-Санса. І зноў чалавек сядзеў збоку, на сваім звычайным крэсле, і глядзеў на яе.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13