1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Яна адчувала, што танцуе лепш, чым калі-небудзь. І калі пачалі паміраць апошнія гукі, калі яна схілілася і пачала нікнуць, яна краем вока пабачыла, што ён паднёс хустку да вачэй. Белыя пульхныя пачкі закрылі ёй ногі, ніца і бязвольна схілілася яе худзенькая аголеная спіна. Падобная здалёк на беласнежную кветку, яна “памірала”, і кола святла, звужаючыся, асвятляла нарэшце толькі дзіўнай прыгажосці кісць рукі, якая ледзь варушылася і здавалася апалым пялёсткам белай ружы, у якім знікае жыццё.Апладысменты на гэты раз ледзь не разарвалі стрыманую залу. І гэты чалавек апладзіраваў ёй разам з усімі, не імкнучыся стрымаць слёз.Пасля канцэрта, пасля банкета, на якім ён сядзеў поруч з ёю, ён сам выйшаў правесці яе да машыны.Было позна. Масква засынала. Бяссонна гарэлі чырвоныя зоры на шпілях веж. Зрэдку даляталі з-за муроў гудкі спозненых аўтамабіляў. Ніна ішла поруч з ім, і да яе чамусьці прыйшлі думкі аб Клявіне. Яны былі цёплыя, гэтыя думкі. Захацелася ўзяць буйную Віцькаву галаву, прыціснуць да грудзей і сказаць нячутна некалькі слоў суцяшэння, каб дзіцячая крыўда знікла з яго вачэй. Яны падышлі да машыны, і тут чалавек здзівіў яе.- Сядайце... Бадай, і я з вамі сяду, праводжу вас дахаты.- Што вы, - сказала яна, - нашто я буду адбіраць у вас дарагі час?Ён усміхнуўся:- Што ж, вы думаеце, я ніколі не сплю і не адпачываю?І хоць “маленькая”, выхаваная на хрэстаматыях, думала менавіта так, яна сказала:- Не, вядома. Але мы ўжо на дачы, гэта вельмі далёка.- Тым лепш.Ён сеў з ёю і пачаў раскурваць люльку, вядомую ўсім у краіне.У першую машыну сеў суровы Стораў з ротам, падобным на вузкую шчыліну, у заднія машыны таксама селі людзі.Картэж рушыў. Вузкая чорная машына, у якой сядзелі “маленькая” і Ён, вылецела з брамы Баравіцкай вежы і памчала па Валхонцы, мякка зашалахцела шынамі па асфальце.У чырвоных успышках люлькі яна бачыла яго жарсткаваты профіль, ссунутыя бровы, халодны выраз вачэй. Потым ён паглядзеў на яе, і гэты выраз адразу змяніўся, стаў нейкі асабліва мяккі, амаль кранаючы.- Больш ніколі не танцуйце лебедзя, - глуха сказаў ён, - вам нельга.- Чаму?- Вам нельга гінуць. Нават на сцэне. Вы поўная жыцця, сонца, вы шчырая да гэтага неба і гэтых людзей. І я не ведаю, ці прыходзяць калі-небудзь дрэнныя думкі ў вашу галоўку.- Часам прыходзяць.- Не веру, - сказаў ён.Яны ехалі па Вялікай Пірагоўскай. Цьмяна чырванелі ў цемры муры Навадзевічага манастыра і важка бялеў сілуэт сабора.- Калісьці вы будзеце вялікай, маленькая балерына. Але я не думаю, што нават тады вы будзеце няшчырай... Мне лёгка з вамі... як з нямногімі... Старому добра быць сярод такіх, як вы.- А старэйшыя? – спытала яна.Сусед спахмурнеў:- Ім мала каму можна верыць, Ніна. Чалавеку нельга верыць пасля дваццаці пяці. Але вы не такая. Але вы не будзеце такой. І я вельмі шкадую, што ў мяне няма яшчэ адной дачкі. Такой, як вы.- Чаму шкадуеце?- Таму што вы абуджаеце ў кожным веру ў людзей.Вакол ужо мільгалі пералескі, свяціліся ў цемры, як свечкі, ствалы бяроз. Пругкі вецер, насычаны добрымі пахамі ночы, біў у твар.- Добра, - сказаў ён.- Вы ведаеце, - сказала “маленькая”, - пазаўчора я прачнулася ўначы і думала пра вас. За вокнамі былі дрэвы і ноч, і мне стала шкада, што вы не бачыце гэтага, седзячы ў гэтых старых мурах. І мне так чамусьці стала шкада вас, што я нават трошкі паплакала.Чалавек апусціў цяжкія бровы, быццам імкнучыся прыкрыць імі вочы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13