1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Маленькая балерына

Машына звярнула ў дачны пасёлак, хутка прамчала спячай вуліцай, прамінула бярозавы гай на адхоне і спынілася ля форткі.Тут было толькі пяць дачак, наводшыбе, і кожная трохі наўздалёк ад другой. Дача бацькоў Ніны была ўглыбіні, за садам; па сцяжынцы да яе было метраў трыста.На яе дзіва, спадарожнік таксама вылез з машыны.- Я праводжу вас да ганка.- Што вы?! – спужалася яна. – Не трэба. Вы і так былі такі добры і ўважлівы.- А калі вас тут хтосьці пакрыўдзіць на гэтай сцежцы?- Што вы, тут і бярозы свае.- А я ўсё ж пайду. Ён ішоў поруч з ёю, і яна баялася так, што падала сэрца, баялася за яго. Ці мала засталося тых, не дадушаных калючай рукавіцай? А раптам што-небудзь здарыцца? Тады яна не даруе сабе.Але чалавек, здавалася, нічога не заўважаў, ішоў і з насалодай дыхаў цёплым начным паветрам, настоеным на ласкавым паху бяроз.- Які мір, - сказаў ён. – А стома ўсё мацней, дзяўчынка.- Вам трэба мора, многа паветра , добрых людзей вакол.- Людзей? Магчыма... Каб гэтыя людзі ўсе былі як вы.Ён памаўчаў крыху і раптам спытаў:- Ёсць у вас жаніх?- Ёсць, - раптоўна сказала яна.- Яму пашанцавала. Хто ён?- Той хлопец, што тады танцаваў “Балеро”.- Прыгожы хлопец... Харошы?- Харошы. І вельмі дурны. Наіўны, - з пяшчотай адказала яна.- Гэта добра. Наіўныя не носяць у сэрцы зла... Будзьце шчаслівая з ім. Я дапамагу, каб вы былі разам... І, калі запросіце, прыйду на вяселле.- Абавязкова... абавязкова, - сказала яна, - я нават не ведаю, за што, за што вы такі добры да мяне.- Пакіньце, - сказаў ён, - ніякі я не добры.Яны спыніліся перад дачай. Вокны ўжо ўсе былі цёмныя. Над садам, над дахам будынка панавала ціша.- Ну, давайце развітаемся, - сказаў ён. – Я не буду заходзіць. Не трэба турбаваць людзей.“Маленькая” ўжо зусім была пайшла, але раптам павярнулася да яго.- Я вас прашу, я вас вельмі прашу, - усхвалявана сказала яна, - не думайце, што людзям нельга верыць... Вы не думаеце гэтага шчыра, вы не можаце так думаць!Чалавек стаяў і глядзеў на яе з прытоенай усмешкай.- Дык можна? – спытаў ён нарэшце.- Можна, - упэўнена выдыхнула яна. – Яны добрыя.- Добра, - сумна сказаў чалавек, - бывай, дачка, спі спакойна... І не плач па начах за старых людзей.Ён павярнуўся і пайшоў да форткі. “Маленькая” глядзела на яго, і шкадаванне аб гэтым чалавеку, які ішоў у ноч, зноў сціснула ёй сэрца.А чалавек выйшаў з форткі і сутыкнуўся са Сторавым. Той стаяў, сціснуўшы вузкі, як шчыліна, рот.- Раён даволі падазроны, - сказаў Стораў.- Што, не нажэрліся? – даволі дабрадушна сказаў чалавек.Стораў паглядзеў на яго з адданай пачцівасцю і суха – гэты тон, як ён лічыў, найбольш адпавядаў яго місіі вернага ахоўніка – сказаў:- Справа, вядома, не аб арышце. Справа аб ахове. Вы ведаеце, яны заўжды рады ўчыніць зло тым....Тады чалавек таксама звузіў вочы і насцярожана абвёў позіркам суседнія будынкі.- Так, - сказаў ён і даказаў за Сторава, - тым, да каго я добра стаўлюся... Рабі, як лічыш патрэбным, прыглядзіся... І каб з гэтай галоўкі - ніводнага воласа ад чыёйсьці рукі. Зразумеў?Машыны рушылі. Ён сядзеў на заднім сядзенні і цяжка думаў. Потым думкі перайшлі на ўспаміны. Успомнілася Грузія, якой яна была пяцьдзесят год таму, калі ён, дзесяцігадовы, упершыню па-сапраўднаму адчуў вясну. Яна была прыўкраснай. Яна была такой і потым, калі ён быў юнаком. Успомніліся Горы, плынь Ліяхвы, буйнае квіценне ткемалі на схілах гор.Свеціцхавелі ўстаў перад яго вачыма, ясны, узнесены да нябёс у месячным сяйве. Сэрца ляцела насустрач яму... Так, тады таксама была вясна. А зараз яна для іншых, для гэтай дзяўчынкі і для яе хлопца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13