1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Маці беларускай прысвячаюПрадавалася Радзіма.Яна прадавалася з беднаю сваёю зямлёй, са старажытнымі пушчамі, з блакітным крышталем рэк і квітнеючымі лугамі, з вадою і небам, замкамі і халупамі, з матчынай ласкай і ўсмешкай дзіцяці, з мудрымі дзядамі і пяшчотнымі дзяўчатамі, з камянямі старажытных будынкаў, з крывавай гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй.Прадавалася Радзіма.Яна прадавалася цалкам і ўразбіўку, за грошы і напавер. Прадавалася кожным, хто не ленаваўся, і кожнаму, хто пажадаў бы крывадушнаму другу і крыважэрнаму ворагу.Даражэй прадаваліся правы феадалаў на ўладу, танней – вера і зусім танна – чыстая, як золата, беларуская мова.Было кепска. Толькі што адгрымела паўстанне Усця і іншых вёсак на Дняпры і на Сожы. Паслугачы Радзівіла з перапуду сунулі татарам (аднекуль з-пад Мінска) грошы і разам з імі ўзяліся душыць людзей Рыпячага Кола.Адсячэнне галавы і калесаванне зрабіліся звычайнаю справаю, і маўчанне было глыбокім, а падзенне нізкім. Трупы галоты былі ўсюды: на шыбеніцах, на дне сажалак, у каменных мяшках.І кожан баяўся сказаць слова.І ўсё ж такі ўладары калаціліся ноччу, і холад ахапляў іхнія душы, калі ім здавалася, што недзе рыпяць колы мужыцкіх вазоў.А пад зямлёю, што піла ў апошнія часы не дажджы, а кроў страчаных, нешта рухалася і імкнулася прабіцца на свет і пакуль што толькі шарудзела.Гэта рос Гнеў.

IЧалавека баяліся, бо ён ехаў на жылістым і быстрым коніку, быў даволі малады і, відаць, моцны і меў за поясам два пулгакі і цяжкі бязмен з гранчастай галоўкаю.І ўсё ж ён абмінаў гасцінец, едучы па палявых дарогах, якія танулі ў пыле.Ад сустрэчных вялікіх “загонаў”-атрадаў ён загадзя хаваўся ў гай або ў хмызнякі, ляпаў каня па крыжы і, калі той звыкла клаўся на зямлю, сядаў поруч, неахвотна жаваў сухары, і твар яго, звычайна вясёлы і разумны, перакрыўляўся грымасай нянавісці.Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага1 колеру з рацішчамі2 і шаблямі. Звычайна такі загон узначальваў паюк3 з павязкай колеру герба на галаве або нават сам пан у жупане і кунтушы паверх яго.Шукалі ўцекачоў.Яны ехалі, апрануўшыся як на свята, важна і спакойна, а ён, сапраўдны гаспадар гэтай краіны, павінен быў даваць ім дарогу і ляжаць у хмызах, як зацкаваны воўк.Не спяваліся песні, не лез у глотку кавалак хлеба. Чалавек пачарнеў, шчокі яго запалі, твар стаў брыластым.І мімаволі з яго глоткі вырывалася:– Пачакайце, дамо мы вам у косці.Хто быў гэты чалавек, чаго ехаў у напрамку сапраўднага пекла, ачага паўстання, чаго вырушыў, што выгнала яго з хаты, дзе толькі і мог у тыя дні адчуваць сябе ў адноснай небяспецы чалавек? Па твары ён мог быць гараджанінам, па руках – мужыком, па вопратцы – шляхціцам, па бязмену – купцом; па рашучасці, з якою ён ехаў па старой Прапойскай дарозе, гэта быў, ва ўсякім разе, вельмі мужны чалавек – толькі гэта і можна было сказаць напэўна.Прыцемак гатаваўся агарнуць зямлю, калі ён звярнуў з дарогі і, быццам выгадваючы час, хутка паскакаў на поўдзень, у напрамку да Сожа. Тут ехаць было выгодне: пачыналіся нетры з магутнымі ялінамі, з цэлымі вадаспадамі мхоў, якія ліліся між дрэў, па адхоне. Хавацца было няма чаго, сюды амаль не заходзілі карныя загоны, а разбойнікаў чалавек, відаць, не баяўся: гэта ўсё ж былі “свае”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15