1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Але гэта было рэдкай з’яваю: няшчасныя больш баяліся людзей, чым людзі – іх.Таму няма нічога дзіўнага, што Вецер стаяў як мёртвы, жахаючыся гэтага чалавека і разумеючы адначасова, што зараз і ён не лепшы, такі ж гнаны, няшчасны, хворы, адрынуты. Ён не можа зараз пацалаваць маці, нявесту, не можа паціснуць руку друга, павінен закрываць рот хусткаю.Мімаволі ён адсоўваўся ад гэтага чалавека, з якім спаў на адным ложку, а чалавек, пабачыўшы гэта, здзівіўся.А Вецер усё зразумеў. Маці зрабіла тое, што ён жадаў. Зараз няма чаго і думаць пра жыццё. Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе, але праказа не можа забараніць яму ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Што ж, маці нарадзіла ў яго сэрцы поруч з безнадзейнасцю і мужнасць таксама. Але як горка, як нясцерпна горка жыць!..А пракажоны думаў і бачыў, што гэты чалавек не ведаў, з кім ён вячэраў і начаваў, і мімаволі добрая, вінаватая ўсмешка з’явілася на яго сапсаваным твары, які быў падобны на львіную маску, на сухіх сініх губах. І ён заплакаў:– Што ж ты спудзіўся, чалавеча, калі ты ведаў, хто я такі? Хіба я не гнаў цябе? Чаго ж ты прыходзіў! Нашто вялікую крыўду зрабіў мне, сказаўшы: “Я ведаю”? Ці, можа, ты думаў, што я нейкі схімнік або варажбіт? Я падумаў, што гэта табе кoнча трэба. Часам жа ж чалавеку патрэбна ... не чакаць ад жыцця нічога. Але Вецер ужо справіўся. Ён зрабіў некалькі крокаў наперад і паціснуў пракажонаму руку.– Бывай, браце. Усё добра, як яно здарылася. Не злуйся. У сэрцы маім – жалеза.І хоць пякучы боль агарнуў яго душу і так цяжка яму было, што не хацелася жыць, ён усміхнуўся.Ён быў мужны чалавек.Непадалёк ад пячоры пракажонага ён спыніў каня і лёг пад шыпшынавы куст. Падумаць было аб чым. Маці дасягла мэты. Зараз нельга яму жыць у хаце. Ён заедзе, каб узяць каня, пулгакі і грошай, і папрамуе ў Крычаў. Вашчыла чакае. Ён не падасць рукі матцы, не пабачыцца нават з Агатай, ён будзе жыць асобна ад таварышоў і біцца будзе таксама асобна. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Нават лепей, бо шкадаваць жыццё яму няма чаго. Лепей загінуць нават на прэнгу, нават у агні, чым жыўцом згнісці. Знікнуў жах. Безнадзейнасць стаіць і глядзіць у вочы сталёвымі вачыма. Што ж, будзем жыць!Усё перагарэла ў душы, усё скончылася.

IV

Толькі ўвечары прыехаў Вецер дахаты: спяшацца не было куды. Яшчэ здалёк пабачыў ён маці на галерэі хаты, маці, якая, відаць, зразумела па яго выглядзе, што страшная сустрэча адбылася. Калі ён пабачыў, што яна спусцілася з ганка, яму насустрач, хваля тугі і любові, змешанай з нянавісцю за сягонняшнюю жудасную пакуту, ахапіла яго сэрца. А яна спяшалася, і ён вымушаны быў ухіліцца. Твар яго быў белы, як крэйда, калі ён сказаў, выкрыкнуўшы, жорсткія словы:– Матулька, чорная сцяна між намі! Бывай назаўжды!Ён бачыў, што яна ідзе, бачыў, што словы яе не спыняць, і, выцягнуўшы корд, накіраваў яго ў матчыны грудзі. Ён дзівіўся, калі яна спынілася, амаль наткнуўшыся на лязо мяча. Твар яе стаў разгубленым, маленькім, як у дзяўчынкі. Слёзы падкаціліся яму да глоткі, і ён, адчуўшы, што ўсе рэчы дваяцца ў яго вачах, ціха сказаў:– Я ўжо ніколі не падкіну цябе ў паветра, да столі. Чаго ты не сказала мне гэтага ўчора, я б ведаў, што гэта я трымаю цябе ў апошні раз. Я б трымаў доўга-доўга. А так я... я нават не памятаю, калі гэта было ў апошні раз... Я не ведаў, што гэта ў апошні раз.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15