1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Ён бачыў, што рэжа па сэрцы ёй гэтымі словамі, ненавідзеў сябе за гэта, але спыніцца не мог. І толькі потым выціснуў:– А зараз адыдзі. Прашу цябе. Я лягу тут. Адыдзі, адыдзі.Маці павярнулася і пайшла з ціхім стогнам чалавека, параненай у сэрца.І ён лёг, ахутаўшыся плашчом, пад дрэва і заціх. Ледзь чутна шапацела над галавою дрэва, і праз яго лісце мірыяды зорак глядзелі ў яго вочы, срэбныя яблыкі зорак, што заблыталіся ў галінах.Спяваў недзе бяссонны конік у траве, і нейкая птушка “плююкала” ў гушчары журботным, абыякавым, манатонным галаском.Ноч кацілася зорамі. Вечны абег сусвету. Вецер даўно перастаў насяляць неба анёламі і думаць, што калі падае знічка – нечае шчасце, мятлушкі, не зважаючы на жорсткую волю Бога, які жадаў бы прыкаваць шчасце толькі да неба, хапаюць гэты маленькі агеньчык і нясуць да людзей. Ён ведаў, што гэтага няма, што небу няма канцы, што ён такі маленькі перад гэтай безданню, што толькі каханне рабіла цёплым яго існаванне на маленькай зямлі. Зараз яго няма і ён такі самотны. Ён памрэ, і льдзістым пылам развеецца ягонае цела, якое спявала і цалавалася. І тыя сусветы памруць.Нашто ж пакуты?!І маці. Але яна зрабіла як трэба. Так, яна не пажадала, каб я быў горшым, каб я той, другой маці, якая больш патрэбна чалавеку, устраміў нож у грудзі...І ўсё памрэ. Але які я маленькі, якая пясчынка – я, выключаны з кола сусвету.Будзе бітва. Знішчаныя, яны палягуць, або паляжам мы, і кожны будзе нас ганьбаваць. Прамінуць стагоддзі. Цікава было б ведаць, якое жыццё будзе кіпець на гэтых берагах? Напэўна, ніхто не зможа адабраць у іншага жыццё, будуць сытыя дзеці і чароўныя каханкі і спакойныя маткі – ніхто не зможа забіць іхніх дзяцей. І не будзе большага ці меншага, эліна або іудзея, і кожная мова будзе “панскай”, а чалавека, які яе саромеецца, будуць закідваць гноем, як вылюдка. І ніхто не будзе стагнаць з галадухі, калі ў іншага данцыгская залацістая гарэлка, вустрыцы, міногі і швейцарскія сыры размерам з кола. І не будзе чалавек жыць цэлы год на два чырвонцы, а пану плаціць сем, каб ён купіў на іх бочку французскага віна і выпіў яе з суседзямі за адну вячэру, так што застаўся толькі асадак.Не можа быць тады, каб нас, зняслаўленых і абылганых, не зразумелі. Яны будуць добра разбірацца, што мела чорны колер і што – белы.І раптам ён пабачыў іх: белыя адзенні, сінія чыстыя вочы, сіняе неба над белымі будынкамі. Як багі, як лебедзі, як людзі. Гэта было нешта накшталт сну з адкрытымі вачыма.І ён быў сярод іх, ён, хворы, замучаны, адрынуты. Слёзы цяклі з яго вачэй, і вусны ўсміхаліся і шапталі:– Вось я там. А пажадаю – буду Хмелем, а пажадаю – палячу туды, да зорак. Сто існаванняў у адным. Хто ж казаў, што я маленькі, што я пясчынка? Усе зоры, увесь сусвет адбіваецца ў маіх вачах. Бачу яго. Сусвет у маім мазгу, я кірую ім. Я пажадаю – і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі. Сусвет, сусвет у вачах і галасы ўсіх людзей ў сэрцы.І слёзы цяклі па яго шчоках, і ён сам не адчуў, як мёртвы сон зваліў яго. Ён спаў, і шчаслівая ўсмешка застыгла на яго вуснах.

VПрачнуўся ён таму, што нешта цёплае і мокрае ўпала на яго руку. Нехта нешта казаў, і словы яго былі як пяшчотнае шапаценне ветрыку ў сітнягах, як ціхі спеў зорак. Ён яшчэ не паспеў да канца зразумець, што гэта Агата цалуе яго рукі, як парыў нязнанага жаху кінуў яго ад зямлі. Ён стаў на ногі і ўвесь трымцеў ад яго. Першае, што ён падумаў, гэта тое, што няхай яго твар і жыццё сапсаваныя, але яна, яна...

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15