1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Было ўжо цемнавата, калі ён, некалькі разоў зверыўшы па нейкаму шматку лубу свой шлях, выбіўся на закінутую каралеўскую борць.Палазнікі, што выдзіралі мёд, відаць, год дзесяць не былі тут, і пчолы пакінулі старыя карэнікі, што яшчэ віселі на дрэвах. Капыты каня ступалі асцярожна, на конніка зверху сыпаліся сухія крыльцы пчол (“Мусіць, і куніца-мядоўка гасцявала тут” – падумаў ён).На галіне дрэва вісеў забыты лубок1. Чалавек зняў яго – соты ляжалі там, мёд паспеў зацукравацца і счарнець.“Вось так і наша краіна, – падумаў чалавек. – Палазнікаў няма, лубкі вісяць пустыя, сапрэлі лезівы, што дапамагаюць бортніку лезці на дрэва, куніцы прагныя ядуць мёд, разляцеліся працавітыя пчолы. Хіба магчыма так жыць? А борць была добрая. Пэўна, не менш як тры мёдніцы мёду за палаз выдзіралі і ў кожнай дванаццаць гарнцаў. Няма жыцця! Вакол кожнага маёнтка “крэс”. Едзеш – плаці грошы. Гандлюеш – бяруць за глотку, бо адбіваеш грошы ў караля. Судзiцца – засудзяць, а выйграеш справу – плаці “паметнае” суду гэткае, што лепш бы прайграў. Сялян-бортнікаў б’юць карбачамі – не рабіце шкоды каралю. Знішчаюць народ!!!”Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях2 на ўзлессі. Было ўжо добра поначы, калі дрэвы пачалі радзець і ён пабачыў цьмяную істужку Сожа, лугі і невялічкі хутар, або, лепей сказаць, пачынак, хат на дваццаць, што прыткнуўся непадалёку ад узлесся. Дзе-нідзе міргалі агеньчыкі, цёмныя садкі ахапілі хаткі, ласкавая стаяла ціша.Але нават гэты мірны малюнак не радаваў конніка.“Яго хата, як казалі, апошняя злева”.І ён паволі паехаў вулкаю. Ціхая вуліца беларускай вёскі яшчэ не спала, але як толькі тупат капытоў прагучэў у цішы – шмат што змянілася. Гаснулі агеньчыкі ў некаторых вокнах – мусіць, гаспадары з трывогаю слухалі ўпэўнены стук капытоў, сядзелі ў цемры і чакалі.Пахла гноем, цёплым малаком.Коннік адчуў, як нешта зашчыпала яго вочы, цвёрды камяк стаў у глотцы.“Божа! І да гэтага давесці?!”З канца пачынка нечакана пачалі даносіцца гукі спеваў. Гэта было дзіка ў такім месцы і ў такі час. Коннік пабачыў вялізную хату, крытую цясінай, каля яе сад і цёмныя плямы нейкіх дваровых будынкаў.Вокны былі ярка асветлены, на высокую галерэю вакол хаты выляталі часам гукі рогату і спеваў. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі3, крытыя зверху.І раптоўна прыгожы высокі мужчынскі голас вылецеў з акон і паляцеў над пушчаю, над Сожам. Спявалі па-лацінску нейкую песню, накшталт шкалярскай, і яна гучэла язычаскай радасцю жыцця, страсцю і дзёрзкасцю:Завялося чамусьці папамі,Што вялікі, як неба, грэхДзеці нашы і наша каханне,Пацалункі, абдымкі і смех.Я жадаў бы спытаць кардынала,Як на свеце з’явўся б ён сам,Калі б Ева яблык не рвалаІ калі б разгубіўся Адам?Чалавек адчуў радасць, бо добра, што можа быці на свеце такі голас, і адразу падумаў:“Але гэта Вецер. Вецер не падабаецца. Зашмат гуляе”.

IIЖанчына стаяла на ганку, калі прыезджы, прывязаўшы каня, накіраваўся да хаты. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку4 і рантух5, які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. А вышэй быў твар як з грэцкай іконы і вялікія сухія вочы, якія дапытліва глядзелі на невядомага.У акно прыезджы пабачыў вялікі пакой, сталы, моцна напітых гасцей і таго, каго шукаў. Той смяяўся, узняўшы кубак, а поруч з ім сядзела і з захапленнем глядзела на яго дзяўчына, зусім маладзенькая, з нявінным тварам і разумнымі вачыма. Рубок6 яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. На вачах яе былі радасныя слёзы, і нават прыезджы збянтэжана буркнуў:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15