1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

– Вось бы й паляцела. Бач, дзяўчо. А так нічога асаблівага. Галава і два вуха... – І спытаўся ў жанчыны: – Што гэта ў вас?– Заручыны сына, – адказала тая прыемным грудным голасам.– Ці ўдома Вецер? Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.– Можа, пойдзеце ў пакой да іх?– Не, я пачакаю на двары. Не трэба.– Пачакайце тут. – Жанчына адчыніла дзверы ў бакоўку і пакінула Вашчылу аднаго.Амаль адразу ён пачаў яе голас:– Сыне, там цябе нейкі лёзны1 чалавек пытае.– Добра, матулька, зараз выйду.Вашчыла агледзеўся. Пакоік быў невялічкі. Печ з маляванымі кафлямі зразала адзін кут, стаяў стол, ля яго крэсла з падлакотнікамі. Ложак, засцелены самаробным пакрывам у шашачкі, гліняны рукамыйнік – вось і ўсё. На стале скураная чарніліца з “інкаўстам”, гусінае пяро і дзесятак кніг у скураных пераплётах.Узяў адну кнігу – лацінская. Ледзь разабраў. Пра колы нейкія. Стварыў – Купернік. Узяў другую – “Трышчан і Ізота”.“Мудрагеліць Вецер. Не да “колаў” – была б жывая душа”.Непрыкметна з’явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву2 са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і “ўдаву” (бутэльку ў выглядзе абаранка – налі гарэлкаю, надзень на руку і хадзі да ўдовага кума) з горкім траўнікам.– Вы падмацуйцеся, сын хутка выйдзе. Ды ўжо выбачце нам – такі дзень. Я вельмі радуюся за сына. Агата – цудоўная дзяўчына. А вы самі, прабачце, скуль?– Я прыяцель вашага сына па Крычаву. Разам жылі, добрыя знаёмыя...– А Божа ж мой! Дый чаму ж гэта вы адмаўляецеся пайсці? Гэта ж для яго будзе гэткая радасць! Ну хадзем! Ну я вас прашу!– Не, мне туды нельга, – адрэзаў Вашчыла.– А зараз вы скуль? – спытала маці.– Проста з Крычава.– Так, мой сын даўно не быў там. Прыехаў сюды – а тут яна. Ну й добра. Зараз ехаць небяспечна. Кoіцца мярзота страшэнная. Душыць людзей – гэткая поскудзь! Да нас ім цяжка дабрацца, але ад гэтага не лягчэй. Што гэта будзе? Адзін воўк здае на водкуп другому вёскі. Навезлі фактараў, рабуюць паспалітых. Гора!– А што гэта вы са мною так адверта? – спытаў Вашчыла.– А таго, што бачу мазалі на вашых руках. Ну добра, вы пачакайце. Сын хутка выйдзе.Сын пачаў есці і добра зрабіў, бо толькі праз гадзіну рыпнулі дзверы бакоўкі, увайшоў Вецер і, пабачыўшы Вашчылу, пабялеў, хоць і не змяніўся ў твары.– Гэта ты? Чаму ж мне маці не сказала?– Я казаў, але яна, мусіць, забылася.Мужчыны пацалаваліся тройчы, і Вецер са шчырай радасцю сказаў:– Вось добра, што прыехаў! А ў мяне шчасце.– Бачу, – адказаў Вашчыла суха, – няўчаснае шчасце.Вецер прысеў на ложак. Толькі тут можна было заўважыць, якія непадобныя яны былі адзін на другога.Вашчыла сядзеў як уліты ў крэсла. Сталая, магутная постаць, вялікія рукі селяніна, жылаватыя і мазалістыя, шырокія грудзі і плечы.Ён, відавочна, належаў да таго гатунку людзей, якія выклікаюць да сябе любоў з першага позірку, якіх кахаюць дзяўчаты, і нават мужчыны адчуваюць да іх нейкае цёплае пачуццё, жаданне падкарацца гэтаму чалавеку, рабіць тое, што ён хоча, – магчыма, таму, што ён разумны і добры, магчыма, таму, што ён – верны сябра, а хутчэй за ўсё таму, што невыказны давер струменіцца ад гэтай істоты, ад яе павольных рухаў, ад сумленных вачэй. Яны заўжды добрыя сябры, цудоўныя бацькі і верныя, пяшчотныя мужы, з якімі жонка, як кажуць, пражывае век не за палатняны мех. Звычайна ў іх бывае пад старасць не менш як дзесяць дзяцей.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15