1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Галава Вашчылы сядзела горда на моцнай шыі, і была яна, гэтая галава, ёмістая, з добрым чэрапам. Нос прамы, губы трошкі адтапыраныя наперад, з прыемнымі коскамі ў кутках рота.Вочы былі блакітныя, светлыя, нават занадта светлыя, і нешта добрае і нават трошкі соннае і хітраватае бачылася ў іх. Высокі белы лоб вянчала грыва залаціста-каштанавых, вельмі мяккіх валасоў, якія бесхарактарна валіліся наперад і назад, хваляй падалі на лоб. І толькі дзве ледзь прыкметныя рыскі паміж брывей казалі, што гэты чалавек можа быць іншым. Толькі і ўтрапёнасць і злосць яго былі ад дабраты.Вецер таксама меў мяккія залацістыя валасы, але на гэтым падабенства канчалася. Быў ён худы, хоць моцны, высокі, з доўгімі нагамі.Нешта пяшчотнае і прыродна-грацыёзнае было ў яго постаці. Лёгкія доўгія валасы, вялікія сінія вочы пад пушыстымі веямі, караткаваты нос, рот, які ўвесь час смяяўся, вельмі прыгожы голас. І ўвесь ён быў, як смык, гнуткі і пявучы. Не чалавек, а нешта накшталт салаўя, створанае дзеля таго, каб услаўляць свет і святло і жыццё.Нягледзячы на нясхожасць, яны моцна буршавалі3 і любілі адзін аднаго.І вось гэтыя два чалавекі сядзелі адзін супраць аднаго і маўчалі.– Вецер, мы пачынаем на тым тыдні, – сказаў Вашчыла.– Толькі Крычаў?– Павінны дапамагчы навакольныя вёскі. Пашлём сотню коннікаў з агнявымі віцамі1. Калі не адашлюць войска, адкладзём, але ненадоўга. Цярпець больш няможна. Крычаў – гэта кацёл з варам. Вымагаюць, каб я аб’явіў сябе ўнукам Багдана-Хвёдара Хмеля. Ягонае імя – наша зброя. Януку Дубатолку і Балабановічу з хлопчамі ў пушчу пашлём сыкгнеты2 з нашай пячаткаю – няхай ідуць на дапамогу. Цяпер, што будзеш рабіць ты... Ты павінен быць у Крычаве – збройнікі табе вераць і без цябе могуць адмовіцца, інакш я не ехаў бы сюды. Пашлеш лісты Раману Туру ў Прапойск і іншым. Ты абавязкова павінен быць. Ты мая правая рука, бо ты вельмі пісьменны чалавек і без цябе немагчыма. Зразумеў?Змоўк, чакаў адказу. Вецер сядзеў, апусціўшы галаву, потым узвёў яе:– Ты кажаш пра Хмеля. Пры ім паўстала ўся Белая Русь, усё Палессе. Міншчына, падняпроўскія гарады. Нам дапамагалі казакі. І ўсё ж нас разбілі. Сярод казакоў знайшліся здраднікі накшталт Івана Нячая, шпегі лазілі і тут і там. І мы гінулі без дапамогі. Самі казакі ледзь адбіліся з дапамогаю Масквы, а іхнія браты за Дняпром і зараз гінуць у пакутах. А тут адзін маленькі Крычаў і сяляне з іхнімі косамі. Нас немінуча разаб’юць, браце.Вочы Вашчылы заліла ціхая туга.– Ты думаеш, я сам гэтага не ведаю, браце? Добра ведаю. Справа толькі ў часе. Магчыма, мы не пражывём гадзіны, магчыма, што пратрымаемся гады з тры... Але змагацца трэба. Трываць немагчыма. Людзі пакутуюць, а гэтыя панічы адчуваюць сябе гаспадарамі і мучаюць нас, як жадаюць, бо лічаць нас за цялят, якія не здолеюць супраціўляцца. Іхняя памяць вельмі кароткая, як у ката, якога хоць і наторкаюць носам, я ён тое самае. Вельмі хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Калі б мы ім паказалі, што мы – волаты, яны б сцерагліся катаваць нас. Трэба ім напомніць. Магчыма, крывёю Крычава трэба купіць адносны спакой усім. А можа, і перамога. Мы ж бачым, што яны прагнілі, як бурак. Трэба пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.Вецер рашуча скалануў галавою:- Не, Васіль. Я не думаў, што гэта так хутка. Ты бачыш, сёння...Вашчыла няўмольна перарваў яго:– Ты абяцаў. І, да таго ж, я не думаю, што праз год ці два, калі будуць дзеці, будзе лягчэй. Мы не ведаем дня ані гадзіны, калі трэба аддаць жыццё. А трываць нельга. Глянь на вёску Ліпічна. Яны вывелі людзей ва ўрочышча Філазопаўскі Грунт і загналі ў балота. Маткі працягвалі ім дзяцей, патапаючы, а яны смяяліся. А вёску знішчылі і месца зааралі. Разумееш, браце?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15