1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Вецер вагаўся нядоўга:– Так, гэта жахліва. Але... я не магу кінуць Агату. Васіль, браце! Бачыш, будзе сонца... усё зелянее... зараз зоры над зямлёю... песні і раптам магіла, робакі. Бр-р!Рыскі між брывей Вашчылы сталі рэзкімі.– Ты, здаецца, забыўся, Вецер, што ў гэтым жыцці за ўсё трэба плаціць і часам нават крывёю. Жыццё – гэта жорсткая штука. Сёння ты прапіў лашт жыта і ў ім 24 чвэрці, а колькі трэба пацець, каб яго ўзрасціць. Акрамя таго, цябе абралі людзі – і ты падвядзеш іх.– Ведаю. Я не баязлівец, але я проста не магу. Жыццё, радасць – і не пабачыць, не зведаць той, што стала сёння маёй нявестай. Пакінуць гэту прытульную зямлю, лагчыны, сытыя бугры, такія ласкавыя, цёплыя. Бо я ж ведаю: хоць трываць і немагчыма – але ж мы загінем, загінем немінуча. Іхняя моц, іхняя жорсткасць яшчэ не былі дасюль перможаны... І вочы Агаты.– Ажаніся зараз, – быстра кінуў Вашчыла.– І пакінуць маладую жонку?– Не жаніся.Маўчанне. Потым Вашчыла сказаў:– Сынок, будзь сумленным і не чапай яе. Не трэба. Хадзем. Корд3 як маланка ў тваіх руках. Няхай Агата застанецца дзяўчынай. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, агністыя вочы, моцнае цела. Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці, якая прыняла ў сябе твой пупок і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў, хоць і цяжка, але немагчыма жыць без Радзімы; яна ў цябе адзіная, сынок. Калі бачыш, што ёй плююць у святыя вочы, – паступіся жонкаю, не заўдавай нявесце залішніх пакут.Вецер адказаў цвёрда і змрочна:– Не, не магу. Я шмат думаў і... уяўляў. Я не баюся бойкі, але як падумаеш, што схопяць... Як смяяцца, калі пераб’юць ногі, якімі табе яшчэ шмат год хадзіць па цёплай зямлі, калі кладуць жар у рот, які спяваў, піў віно і цалаваўся. А гэтая ноч перад стратай, калі думаеш, што ёсць ружовыя змярканні і марозныя ранкі, калі срэбная трава і кроў бурліць у жылах і ёсць легенды ў кнігах – і ўсяго гэтага ты не перажыў, не перебачыў. А-а-хх!Вашчыла павольна ўстаў. Галава яго амаль даставала да столі. Вялікі сум адбіваўся ў яго вачах, калі ён сказаў Ветру:– Я ведаю, што ты не баязлівец, але я не думаў, што можа быць на свеце чалавек, які можа сціскаць у абдоймах жонку, калі народ ягоны сціснулі ў ланцугах і калодках; які раскінуўся на траве і глядзіць у глыбокае неба, калі ягоны народ раскрыжавалі і ён глядзіць у вочы кaтам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму дзідаю ў бок. Трасца з табою, жывацей тут... Нешта спалахнула ў вачах Ветру, але хутка згасла, і ён толькі спытаў з адчаем:– Ну скажы ж ты мне, як перамагчы жаданне жыць?Вашчыла не адказаў. Ён запіхнуў пулгакі за пояс і толькі ля самых дзвярэй суха кінуў:– Бывай. Я рызакаваў жыццём, едучы да цябе, і, як бачу, дарэмна. Памятай, загінем праз цябе. Калі надумаеш – прыходзь у Крычаў праз тыдзень, апоўнач. А пакуль што, прабач... я не магу аддаць табе развітальны пацалунак. Я шкадую таксама, што я еў і піў тут... у доме здрадніка.І срэбная манета з яго рукі ўпала на стол і заракатала ля чарніліцы. Вецер кінуўся быў за ім, але раптам спыніўся: маці ўваходзіла ў пакоік. Твар яе быў белы, губы дрыжэлі:– Сынок, што гэта ён крыкнуў, гэты вар’ят?Вецер павольна павярнуўся:– Пакінь, матулька. Гэты чалавек... яго праўда.Маці сціснула ў руцэ шляк рантуха. Села.Знадворку пачуўся часты ляск конскіх капытоў, і, пакуль не стала ціха, маці з сынам сядзелі нерухома.– Ну што ж, распавядай тады, як ты зганьбіў сваю хату, сыне.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15