1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Маці ветру

Шатны выняў шаблю, але бацька выбіў яе, выцягнуў шатнага на двор і пасадзіў яго ў карыта са свінячым пойлам.

Удома мы аднеслі цябе да суседзяў. Балабановіч уцёк у пушчу, клікаў бацьку, але той сказаў: “Гэта мая зямля. Я з яе нікуды не пайду. Гэта мой дом, і няхай нехта паспрабуе тыцнуць сюды пысу”.Балабановіч хацеў застацца, але бацька сказаў:– А табе наказваю ўцякаць.І прыбавіў:- Потым... патурбуешся пра сірату. Таму і ўцякай.Усю ноч мы з бацькам гатаваліся: зараджалі зброю, забівалі дзверы. Яны з’явіліся пад ранак: шатны, маршал, гайдукі. Мы стралялі, забілі пяць чалавек, шмат каго паранілі, але яны ўдзерліся ў хату, падпалілі яе і выцягнулі мяне з агню. А хата палала, як свечка, і бацька страляў, страляў, страляў, а потым пулгакі стралялі ад агню самі, мусіць, бацька ўчадзеў. Мяне ж толькі скруцілі...Балабановіч і зараз сядзіць у лесе. З сумленнага чалавека зрабілі адрынутага. Гэта ён адпомсціў за бацьку ягоным забойцам, гэта яго турботаю ў нас новы вялікі дом і чатыры кані. І як гэта будзе сорамна, калі ён пойдзе на бой, а ты – не.– Я пайду.– Калі ён нагадае той жахлівы дзень. Ты быў тады такім маленькім, як кацянё. Ты смяяўся і пускаў бурбалкі. І вось зараз... І чаму ты не памёр тады ад чумы, замест таго каб зваліць гэткую ганьбу на нашы галовы. Баязлівец! Ты прыгадай тых, на Філазопаўскім Грунце. Гэта ж былі маткі, у іх былі дзеці, ты думаеш, што яны менш за цябе жадалі жыць, немаўляткі. Яны ж не разумелі нават, за што гэта іх. Калі ты не разумееш “свой край”, дык падумай, што гэта са мною маглі б зрабіць гэткае, на Філазопаўскім... Край гіне, а ён...Вецер сказаў з празмерным, ненатуральным спакоем:– Я пайду! Я заб’ю іх, я не баягуз, я адпомшчу і за бацьку, і за цябе, і за тых, на Філазопаўскім. Але я аднаго толькі баюся, непатрэбнага жалю за жыццём. Вось схопяць мяне, пачнуць катаваць. Як зрабіць, каб не пахіснуцца, каб смяяцца ім у вочы, каб не задрыжэлі мае калені, калі павядуць на страту, каб забыцца пра агонь і не стагнаць ад успамінаў у апошнюю ноч, каб заўсёды, калі будзе выбар, забіць ворага або ўратавацца – я выбіраў першае.Я не здраджу, але магчыма, у нейкі момант не знайду ў сябе сілы засмяяцца ім у вочы, там, дзе патрэбна, прыпамятаўшы жыццё, цябе, Агату. Каб не смяяліся яны над адзіным, над ніводным маім стогнам – я не хачу, не жадаю даць ім гэтае ўцехі! – дапамажы мне! Гэтага я баюся, гэтага, матуля! Збаў мяне, ратуй мяне, ратуй ад ганьбы. Зрабі, каб я, такі малады, вясёлы, здаровы, закаханы ў жыццё, не шкадаваў за ім. Зрабі!Як маленькі, ён упаў на падлогу, абхапіў рукамі яе ногі і прыціх. Маці як быццам і не заўважыла гэтага і толькі потым горка сказала:– Усе чамусьці думаюць, што маці ўсё сцерпіць, і таму просяць у яе такое, нібы сэрца яе з жалеза.Доўгая трывалая ціша. Не слёзы – скамянеў твар маці, калі яна доўга глядзела некуды ў адно месца паўзверх галавы сына, і раптам сказала глухім надтрэснутым голасам:– Добра, я дапамагу.Вецер прыўзняў твар. Яна хутка, як быццам баючыся спыніцца, загаварыла:– Пойдзеш у бок Ківаверцаў. Потым трымайся па лагчыне на Зорны Кол1 ад вялікага каменя. Не даходзячы да пачынка Памярэч, з паловы шляху звяртай на Імшаны Яр. На адхоне яго пабачыш пад вялікім дубам пячору. Прыйдзі зацямна. Там... чалавек. Будзе гнаць – не йдзі. Не палі святла. (У яе перахапіла голас.) Скажы яму: “Мне гэта трэба. Я нізавошта не пайду. Я ўсё ведаю”. Павячэрай з ім у цемры, кладзіся з ім поруч, а ўранцы хадзі дадому. А зараз прэч, прэч хутчэй! Прэч!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15